Галоўная Раманы Н. Гiлевiч Родныя дзецi (ч. VI)
18 | 05 | 2012

Родныя дзецi (ч. VI)

---:
Рейтинг:
3.8/5 rating (16 votes)
:: Пачатак. Частка 2 Частка 3 Частка 4 Частка 5

ВЕЧАР У ПОЛІ

Да працы прагны, дуж і спрыцен,
Сягоння зноў апошні круг
Тамаш зрабіў амаль упрыцем,
Калі ўжо дзень даўно патух.

Матор прывычна заглушыўшы,
Саскочыў долу, на пракос,—
Глядзіць: Сцяпан шыбуе шыбка
Па канюшынішчы наўскос.

—  Сілком забраць цябе хачу я,—
Сказаў з усмешкай уваччу.
—  Не бойся: тут не заначую —
Вячэры я, брат, не ўпушчу.

Дамоў ішлі — спачатку «сценкай»
Між двух палеткаў, а затым —
Цераз бярэзнік, вогкай сцежкай,
Праз роў з альшэўнікам густым.

—  Вось тут, ты помніш, з-пад узроўя
Крынічкі білі — побач дзве.
Вада была — залог здароўя!
Глынеш — святлее ў галаве!

Няма ўжо іх... Ва ўсім наўколлі —
Нідзе няма ўжо ні адной.
Кароў і тых пастух у полі
З карыта поіць — прывазной!

Ну, растлумач мне, калі ласка,
Ты ўсё ж вучоны, чорт вазьмі:
Як выйшла гэткая няўвязка
Паміж прыродай і людзьмі?

Бяром выдатныя ўраджаі,
Жывём — дай божа! Грэх маніць.
А тых крынічак — не хапае,
I іх нічым не замяніць.

Бывае, млееш у кабіне
Ад духаты, гарачыні —
I забулькоча ва ўспаміне
Струмень крыштальнай чысціні.

З якою радасцю прыпаў бы
Да ручайка — зрабіць глыток!
Як смачна твар апаласкаў бы!
Як адышла б душа, браток!

Ды іх няма!.. Без іх жа дару
Не тыя ўжо лажкі, раўкі,
I ўвесь куток, дзе гаспадару,
Якісь для сэрца не такі!

А ці ж я тут ару і сею
Без сэрца? Робат я хіба?
Усё, здаецца, разумею,
А вось... грызе парой журба.

—  Прывыкнеш, брат... Пытанне часу.
Сяло не будзе без вады.
Не ўсё ільга зрабіць адразу —
На штось спатрэбяцца гады.

Ты сам, паколькі ты не робат,
Праб'еш тут колькі свідравін,
Калонак з помпамі наробіш —
I свой заглушыш успамін.

—   Наўрад   ці я калі прывыкну!
От дзеці,— дзеці — іншы сказ.
Іх не паілі мы крынічнай
Жывой вадой — як колісь нас.

Ім прывыкаць і непатрэбна
Да перайначанай зямлі:
Усё, што добра тут ці дрэнна,
Яны з калыскі прынялі.

Яны не ведаюць, напрыклад,
Што значыць летняю парой —
У самы сквар, у самы прыпар —
Крынічка ў полі пад гарой.

Але аднойчы ўбачаць дзесьці —
Уцямяць, што гэта за цуд,—
I ў горкай крыўдзе нашы дзеці
Нам страшны вынесуць прысуд.

«Чаму, за што вы нас, спытаюць,
Такіх пазбавілі даброт?..»
Бацькі дзяцей не абкрадаюць —
Спакон было так, з роду ў род!

А свідравіны... свідравіны —
Мы робім іх ужо даўно.
Прыедуць хлопцы-здаравілы —
I ў пекле, брат, дастануць дно!..

Сцяпан любіў гаворку брата —
За вастрыню, дасціпнасць, соль;
Хоць груба скажа — але трапна,
Хоць рэзкі выраз — але свой.

Пасля хадульных, посных, плоскіх
Клішэ, што ў коле чуў сваім,—
Ён слухаў мову роднай вёскі,
Як райскі спеў, як боскі гімн.

I сам вяртаўся непрыкметна
Душой ва ўлонне хараства,
Што тут жыве спакон, спрадвечна,
Як лес, як дрэвы, як трава...

— У нас тут лектар быў тым летам —
Паважны муж, не са шпаны,
I ўвесь такі інтэлігентны —
Ажно трашчаць на ім штаны.

Я і яму сказаў: «Шаноўны,
Мы губім шмат зямных дароў!»
Згадзіўся. Кажа: «Безумоўна,
Вада ў зямлі — што ў жылах кроў.

Мы даражыць ёй мусім вельмі.
Ды ёсць, няможна забываць,
Звышактуальныя праблемы:
Пра моц дзяржавы трэба дбаць!

Калі мы мір не забяспечым,
Не зможам гібель запыніць —
Дык будзе некаму і ў нечым
Ні папракаць нас, ні вініць...»

Я доўга думаў — я ж маруда! —
Над тым, што лектар адказаў,
I — ад цябе таіць не буду —
Канцы з канцамі не звязаў.

Такой трывожнаю часінай,
Назло шалёнаму звяр'ю —
Для справы міру трэба ўсім нам
Яшчэ мацней любіць зямлю!

Любіць зямлю! I не наогул,
А — гэту! Нашу! Дзе жывём!
Во з гэтым полем, з гэтым логам,
З касьбою гэтай і жнівом!..

Сцяпан зірнуў с цяплом на брата
I за плячо абняў рукой.
—  А што ты ўспыхнуў гэтак раптам?
Я ж не спрачаюся з табой!

—  Дык паспрачайся! Я — саўгасны
Рабочы, я — не дыпламат,
I мне патрэбен цалкам ясны
На справу гэтую пагляд.

Таму і ўспыхваю, што бачу:
Сяму-таму між нас з рукі —
На звышпраблему, звышзадачу
Валіць уласныя грахі.

Сваё нядбальства ды паскудства
Напругай часу апраўдаць —
Усё адно, маўляў, для людства
Дарогі ў заўтра не відаць.

Калі ўвесь свет, уся планета,
Маўляў, вісіць на валаску,—
Якая можа вабіць мэта —
Няўцямна толькі прастаку.

I вось, ад будучыні вольны,
Сабе гаворыць спажывец:
Усё вазьмі, што ўзяць ты здольны —
Бо заўтра   можа быць  канец!

А я лічу: у небяспечны
I трудны час — наадварот:
Стакроць мацней павінен сведчыць
Свой гарт і вытрымку народ.

То слабы духам недавярак
Адно і думае штодня —
Каб як паболей зжэрці скварак
Ды болей выжлукціць віна.

Хто гэтак чуецца сягоння,
Той — панікёр і дэзерцір,—
Хто толькі ў горла цягне-горне,
Пакуль пад ім не рухнуў мір.

А мы... Хіба мы з племя кволых?
Нам — страціць веру ў лёс зямлі?
Тады — чаму ж мы ў гэтых долах
Крынічкі-рэчачкі звялі?..

Тамаш замоўк... «Але й зацяты!» —
Падумаў з гонарам Сцяпан.
—  Глыбока плужыш ты, чарцяка!
Хоць пасылай цябе ў ААН!

А што? Свайго ты роду-племя
Не пасаромеў бы, браток.
Душой і сэрцам у праблеме.
Глядзіш і ўдалеч і ў выток!..

Сцяпан быў рад такому шанцу
Пабыць сам-насам з Тамашом,
I не хацеў зусім спяшацца,
I шкадаваў, што блізка дом.

—   Жартуй... А я сачу і знаю,
Куды пасоўваецца свет:
Я ўсю палітыку чытаю,—
У нашай хаце — пяць газет!

Ну, праўда, дзве — не для дарослых,
А для маіх «тамашанят».
I па вясковых тэмах розных,
Што тычыць нас, чытаю шмат.

Нядаўна хтось пісаў талковы,
Што сотні тысяч тон у год
Жывога хлеба са сталовых
Ідзе ў адход — ляціць за плот.

Не кілаграм, не пуд, не цэнтнер,
Не тона нават і не дзве,
А сотні тысяч тон! На вецер!
Таго дабра, чым свет жыве!

Як прачытаў — такая крыўда
Мне сцяла сэрца між рабёр,
Што асушыў адзін паўлітра
I плакаў моўчкі, як бабёр!

Рашыў: да д'ябла сівер зольны!
Да д'ябла трактар і плугі,
Калі мой труд, мой плён мазольны
Такі людзям не дарагі!

На сметнік — хлеб! Духмяны! Смачны!
I гэта ў нас, дзе сам народ —
I гаспадар, і распарадчык
Усіх багаццяў і даброт!

А дзе прычына? Ты — не знаеш?
Ну, а хто-небудзь знае ўсё ж?
А можа, ў тым, што ты купляеш
Бясцэнны скарб за дробны грош?

Закону вартасці, здаецца,
Нікому нельга парушаць.
Ну, а другое — дармаедства:
I з ім штось трэба вырашаць!

Тут, дзе ад веку не хадзілі
Дзяды без чорных мазалёў,—
Мы тымчасове напладзілі
Нямала трутняў-гультаёў.

Ад дармаедства ўся распуста:
Нішто душу не губіць так,
Як незаробленая луста,
Якою сыціцца лайдак.

Яшчэ на бацькавым, паршывец,
А ўжо такі кіндзюк нясе
I так нахабна ўжо фальшывіць —
Што бог сам рукі атрасе!

Мужыцкі сын — ці ж не пагана! —
Не хоча працы чорнай знаць:
Пачаў, ці бач, хварэць на пана!
Узяўся панства спаганяць!

Бяжыць туды, дзе ўтульна, чыста,—
Хоць за падсобка, за слугу...
А я, брат, поля адракчыся
Ужо да смерці не змагу.

Навек прырос да ніў зялёных,
Да шэпту жытніх каласоў,
Да чысціні блакітнай лёну,
Да суму светлага аўсоў.

Без іх мяне зламала б скруха
Так, што не даўся б і лячыць...
Пастой хвіліначку, паслухай,
Як жыта хораша маўчыць!..

Браты спыніліся. Над полем
Плыла, гусцела цішыня.
Духмяным дышучы настоем,
Пацела нанач збажына.

Яна маўчала, ды не спала,—
У працы ўся была наўсцяж:
Астаткі клёку дабірала...
—  Ну, зразумеў? — спытаў Тамаш.

—  А ўранку, раненька, як толькі
Заззяюць росы ў далавах
Ды промняў рынуцца патокі,—
Які тут льецца водар-пах!

А я, нібы па абавязку,
Спынюся, далеч азірну
I — разы два ці тры ўзацяжку
На грудзі поўныя ўдыхну.

I пах, і сонца, і прастору —
Усё ўдыхну, вазьму ў сябе...
Куды ж я з гэткага прастолу
Сыду — у сонечным сяйве?..

Тамаш гарэзна, па-хлапечы,
Хітнуў кудлатай галавой.
—   I не сыходзь! Адзіны вечны
Прастол на свеце — гэты, твой!

I ты — адзіны тут сапраўдны
I валадар, і гаспадар.
Палац твой — слаўны, трон твой — спраўны,
Карона — свеціцца, як жар!..

Над жытам жаўранак успырхнуў,
Штось шчабятнуў, бы ў сне, і знік.
Сцяпан згадаў павер'е-прымху:
«Нядобра — ноччу птушкі крык...»

—  Тамаш,— апомніўся ён нібы,—
Па-мойму, тут, дзе мы стаім —
Была дарога на Сялібы?
Якраз ля гэтых во хваін?..

—  Была... I добрая дарржка!
—  А ездзяць як туды? Наўкруг?
—   Ніяк не ездзяць. А навошта?
Ад тых Сяліб сышоў і дух.

Сяліб даўно нямо ўжо, браце.
Хто маладзейшы быў,— сюды,
У цэнтр саўгаса, перабраўся,
А хто стары быў,— на клады.

За ўсіх даўжэй сядзела пара
Бабуль — да смерці не сышлі.
Я знаў іх: Стэпка і Барбара,
Абедзве п'янічкі былі.

Адна ў адной віно цадзілі
I пелі песню за сталом:
«У крапіве нас нарадзілі,
У крапіве мы і памром!»

Нібыта самі песню склалі,
Бо іх падворкі сапраўды
Так крапівой пазарасталі,
Што не прайсці было туды...

— Тамаш, на ўсё глядзець нязвыкла,
Што легла ў прах, што зарасло.
Але, калі дарога знікла —
Страшней, здаецца мне, за ўсё...

Давай прысядзем, брат, на крушні.
Бог з ёй, з вячэрай,— не ўцячэ.
Паглянь: як тая печ у сушні —
Каменні цёплыя яшчэ...

Дарога... Колькі я з дзяцінства
Папахадзіў калісь па ёй!..
Яна — жыцця майго часцінка,
Душы зародачак маёй.

Я помню ўсю яе на памяць —
Дзе грунт быў цупкі, дзе пясок,
I кожны куст, і кожны камень,
I той бярвенчаты масток...

Дарога ў гульні і забавы,
Што бегла з кошыкам маім,
Уся прапахлая грыбамі,
Духмяным водарам малін...

Дарога ў колкіх ранніх росах —
Іх топча босы пастушок,
I вяжа венікі з бярозак,
I грае весела ў ражок...

Дарога песень вечаровых —
Між дзвюх купальскіх зараніц,
I самых першых, хлапчуковых,
Маіх да скону, таямніц...

Усё адрэзана навечна —
Так, каб і следу не знайсці,
Каб зразумеў, што недарэчна
За летуценнямі ісці.

Каб не падумаў азірнуцца
Ды не ўнушыў сабе назло,
Што можна ў май жыцця вярнуцца,
Як у знаёмае сяло...

—   Вось гэта правільна, я згодзен:
Не варта марыць зноў пра май.
А калі так — журыцца годзе,
I ты па даўнім не ўздыхай.

Табе, па-мойму, аж занадта
Хапае сённяшніх турбот —
I праз адкрыты свой характар,
I ад людскіх непамыслот.

Чыталі з Анцяй мы, канешне
(А маме я не паказаў),
Што пра твае рамансы й песні
Шпачынскі гэны накілзаў.

Мы за цябе перажывалі.
Пісанне тое так і сяк
Па сказу ўсё перажавалі:
Басяк ён, братачка, басяк!

—  Не ён галоўны ў подлым спісе:
Яго рукой вадзіў другі.
А сам Шпачынскі... каб не спіўся,
I крытык быў бы не благі.

Ён пачынаў даволі храбра,
На жаль — далёка не пайшоў,
I на сягоння — лепшы сябра
Усіх сталічных алкашоў.

Прыходзіў потым — ледзь не плакаў,
Прасіў прабачыць... Выгнаў вон:
Мне завугольных патулякаў
Прымаць з павіннай не рэзон.

Хто дыктаваў яму — не прыйдзе
Перапрасіць за тую муць.
О, гэта страшны, хітры злыдзень!
Іосіф Бэнсь яго завуць.

Мы з ім вучыліся калісьці,
Быў аднакурснікам маім.
У творцы сам не здолеў выйсці —
Рашыў мазгі ўпраўляць другім.

Стаў тэарэтыкам мастацтва
I ў кнігах хітра, неўпрыкмет
Нам раіць з вотчынай расстацца,
Каб пакарыць вялікі свет.

Маўляў, касмічная арбіта
Не прыме нашы «караблі»,
Бо надта ярка ў іх адбіта
Аблічча роднае зямлі.

Куды ён хіліць — зразумела.
Ён сам ляцеў бы ўжо даўно
Па той арбіце безыменнай,—
Вось толькі крылаў не дано!

А твор павінен мець адзнаку
Сваёй зямлі,— інакш ён, брат,
Такі ж без водару, без смаку,
Як з гідрапонікі тамат.

Мы не бязродныя на свеце
I не бяздомныя ў жыцці.
Чым дагарэць у пустацвеце —
Лепш не ўзысці і не цвісці!

Вось так аднойчы я і ўрэзаў,
Калі на пленуме ён чоўп,
Што мы, не цэнячы прагрэсу,
Праз гэта трацім слухачоў.

На павадку ісці мне раіць
У снобаў. К чорту гэты зброд!
Мяне не публіка цікавіць,
Мяне цікавіць мой народ.

А ён — штось іншае, васпане,
Ён — нешта большае нашмат.
Ён падрабляць пад вас не стане
Ні густ, ні нораў, ні пагляд...

— А што, той Бэнсь — такі ўплывовы?
— Ён ходзіць капаць на мазгі
Усім, каму не даспадобы
Я за характар свой «благі».

Маўчаць не ўмею, прытварацца,
Стаяць навыцяжку «ва фрунт»,
Легальнай формай казнакрадства
Аздараўляць свой базіс-грунт;

Вясёлым быць, дзе трэба плакаць,
Лавіць ківок, паклоны гнуць,
Па нейчых тэзісах гагакаць,
На сальны досціп рагатнуць...

Сваім жыццём я замінаю
Такім, як ён, спакойна жыць.
Бянтэжу іх. Напамінаю
Аб тым, што хочацца забыць.

Што нельга з прагнасцю звярынай
Хапаць наўзахап барышы.
Што чалавек ўсё ж павінен
Баяцца нечага ў душы...

Гадаюць: «Што яму патрэбна?
Відаць, да славы рвецца ўвесь...»
А мне і слава — пыл патрэп'я,
Удушны пыл, што вочы есць.

Што значыць — слава?
Колькасць цэшак? Эфір? Экраны? Тыражы?
Якая слава можа ўцешыць,
Калі ты сэрцам — на крыжы?

У славу рвуцца жываглоты,
А да таго, баліць каму,
Яна пасля прыходзіць, потым,
Як да Максіма, што ў Крыму...

Яны не могуць разабрацца,
Чаго хачу, што трэба мне?
Зусім не шмат: любові брацкай!
Сяброў — што здрада не кране!..

Прабач — за гэтую прамову.
Расспавядаўся, бы ў царкве...
Тамаш маўчаў. Глядзеў, як з рову
Сівы туман да іх плыве;

Як подых ночы ледзьве-ледзьве
На вольхах кратае лісты,
Як абярнуліся ў мядзведзяў
Ядлоўцу цёмныя кусты...

— Не знаю, як наконт сяброўства,
А што датычыць... тут сказаць
Я мушу коратка і проста:
Пара з кім-небудзь лёс звязаць!

Таму й не ведаеш адхлання,
Што адзінокі ты, браток.
Няма пры боку мілавання —
Разблытаць дум тваіх маток.

Ніхто не зможа быць у скрусе
Такім апірышчам табе,
Як жонка верная... Баюся,
Каб не зачахнуў ты ў журбе.

Табе б з настаўніцаю нашай,
Альжбетай Францаўнай, у шлюб.
Была б — ні з кім не параўнаўшы —
Сям'я! I ты ёй быў бы люб!..

— Тамаш! Я думаў, ты параіш
Каго з няшчыпаных дзяўчат...
Я ж не стары яшчэ таварыш!
Мне б і каляску пакачаць...

— Э, не-е, брат! Гэткай — не параю.
Нашто — зялепуха, сырэц?
Ты хочаш мець без конца-краю
Турбот — і ў рэўнасці старэць?..

А вось яна — жанчына-дзіва!
Такія — рэдкасць на вяку.
Яна б табе і нарадзіла —
Яна ж уся яшчэ ў саку!

Што трэба бабка: ў самым леце,
У блаславёнай той пары,
Калі ўспрымаюцца найлепей
Усе жаноцкія дары!

Адно што будзе трудна досыць —
Як кажуць, клінам выбіць клін:
Жанчына гэта ў сэрцы носіць
Якісьці сонечны ўспамін.

Яна крыху сябруе з Анцяй
I ёй душу адкрыла нейк:
Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце
Так пакахала — што навек.

Пасля там здарылася нешта —
I хлопца страціла яна.
Сказала Анці: «Ну, канешна ж,
Была дурной: мая віна!..»

Дванаццаць год ужо ў разводзе.
Уночы — плача, днём — пяе.
I ні адзін яшчэ, ніводзін
Не дакрануўся да яе!..

—  Так і сказала Антуніне?
—  А што? Дзівіцца тут не след:
Жанчына можа, брат, жанчыне
I болей выдаць «пад сакрэт»...

Сцяпан устаў — аж камень з крушні
Скаціўся, грукнуўшы ўначы.
—  Хадзем! — сказаў.— Тут морак душны.
I — просьба: трошку памаўчы...

«Няўжо я ляпнуў штось не тое? —
Сумеўся здзіўлены Тамаш.—
Ах, поле роднае, жытное,
Хоць ты самотніка разваж!..»

 

БЯССОННЕ

Пасля запозненай вячэры —
З фінальным кубкам малака —
Антось якіясьці паперы
Дастаў з кішэні пінжака.

Зірнуў на маці ў хваляванні,
На Антуніну, на братоў,—
Сказаў: — Прашу хвіліну ўвагі:
Сюрпрыз для вас напагатоў.

Вось гэты сшытак без абгорткі —
Нам з вамі продкаў запавет:
«Тэстамент Тодара Вячоркі» —
Як сам назваў запіскі дзед.

Адзін мой сябар выпадкова
Яго ў архіве адкапаў.
На жаль, збярогся ён часткова:
Пачатак недзе запрапаў.

Але й па тым, што ацалела,
Убачыш — толькі зазірні,—
Як дзеду Тодару балела
За лёс народа і зямлі.

Вясковы, бедны і бяспраўны
Настаўнік школы прыхадской,
Ён прагнуў вольнасці і праўды,
Тужыў па шчырасці людской.

На царскай катарзе ў Сібіры
Ні маразы, ні шампалы
У ім надзеі не забілі —
Народ свой вывесці з імглы.

То ж там пісаў ён свой «Тэстамент» —
У змрочных шахтах рудніка.
Які — пачуйце — тэмперамент
Ірвецца з кожнага радка!

«Народ сябе пазнаць павінен!
Народ — не зборышча, не гурт.
Ён мусіць мець — інакш загіне! —
Усведамлення цвёрды грунт.

Калі ён сам сябе ўсвядоміў,
Сваю гісторыю,
свой лёс,
Свае правы ва ўласным доме,—
Тады — народ, тады — ён ёсць.

Тады не страшныя і здрайцы,
Што дзеля славы і выгод —
Адно ім лейцы ў рукі дайце —
Гатовы плюндрыць свой народ.

Сатрапы кормяць адшчапенцаў,
Каб нам даводзілі, што мы
Не маем права спадкаемцаў
Ані на што — апроч турмы!

Сатрапы знаюць і шалопяць,
Што на шляхах дабра і зла
У нас не толькі гразь ды копаць —
У нас Гісторыя была!

Што пачаліся мы не ўчора —
Наш род, культура, мова, быт,—
Як цвердзяць з пыхаю вучонай
Парфіраносныя ілбы.

Лакейства плодзячы са смакам,
Яны не знаюць аднаго:
Хто хлеб дае чужым сабакам —
Свае забрэшуць на таго!

«Ты — без крыжа! Богаадступнік!» —
Крычыць пагромшчык-крывасос.
Так, я не веру ў крыж пакутны.
Я сам — распяты, як Хрыстос.

Не я — ты, бог, вялікі грэшнік:
Ты адступіўся ад мяне
I ад маіх братоў няўцешных,
Што мруць у роднай старане.

Якой жа моваю, скажы мне,
Мы будзем гутарыць з табой?
Я — не валодаю чужымі,
Ты, бог — не ведаеш маёй.

Усе на свеце — для спатолі
Душы — ты ўзвысіць мовы змог,
Чаму ж на нашай аб нядолі
Ты не гаворыш з намі, бог?..

О, краю родны! Чым стрымаеш,
Адвернеш лёс свой ад пятлі,
Калі заступніка не маеш
Ні ў небе ты, ні на зямлі?

Адным: на бітву без сумнення!
Як цвердзіць песня — толькі бой!
«Даб'ёмся самі вызвалення
Сваёю ўласнаю рукой!..»

—   Вось так...— Антось абвёў вачыма
Усіх прысутных.— Вось такі
Дзед Тодар наш быў малайчына...
Крывёй напісаны радкі!..

—   Ён не вярнуўся з той Сібіры,—
Сказала Зося.— Там і ўмёр.
Ад бабы вашае, Сабіны,
Я чула шмат. I ад сясцёр.

Ён бальшавік быў. У падполлі
Пісаў лістоўкі на цара.
А бацька ваш адно й запомніў
Яго — як везлі са двара...

—  Антось,— зірнула Антуніна,—
Ты даў бы ў школьны наш музей
Адзін адбітак. То ж навіна!
Было б цікава для людзей!

Няхай і продак ваш законна
Увекавечыцца ў сяле,
Каб самі мы глядзелі сёння
З павагай большай на сябе...

Сцяпан, уражаны чытаннем,
Узяў запіскі ў брата з рук:
—  А ты не думаў даць «Тэстамент»
У навуковы нейкі друк?

—  Занёс адразу ж быў у «Весці».
Прадмоўку даў — каб быў «пад'езд».
Увы, увы! Шалудзька Несцер
Сказаў: «Не пойдзе. Дробны змест».

—  Відаць, Шалудзька добры ёлуп,
Калі ён так на змест глядзіць.
—   О, ён гісторык плюс філолаг
I плюс вядомы більярдзіст!

Ды над навукай ён не чахне.
Більярдны шар — вось гэта рэч!
Ажно барты трашчаць — як жахне! —
I адлятаюць лузы прэч!

Ён мог бы есці хлеб з більярда,
Калі б быў хлебны гэты спорт.
А так — трымаецца заядла
За ўсе пасады, лысы чорт!

Наогул — тып ён унікальны.
Чаму? Каб ліха не спаткаць —
Прыдумаў спосаб геніяльны,
Як кары грознай «унікаць».

Як толькі вынюхае, гіцаль,
Што будзе біта галава —
Кладзецца зразу ж у бальніцу
На цэлы месяц ці на два!

Ну, і пакуль яго там лечаць,
Разоў пятнаццаць «возьмуць кроў» —
Адыдзе ў суддзяў сэрца-печань
I гнеў абернецца ў любоў.

Ягоны спосаб-ход нялюдскі
Сябры, што рухаюць прагрэс,
Назвалі «спосабам Шалудзькі»
I карыстаюцца ім спрэс!

Бальніца бедная забіта —
Так не кладзе ніякі грып!
Шалудзька — блазан-чмут нібыта,
На справе ж — подлы, шкодны тып.

Хамут і дуб, ён бездакорна
Спасціг унутраным чуццём
Закон сярэдняга узроўню,
Што мае сілу над жыццём.

Ён не ўпусціў той час, той даты,
Калі агулам, сярод дня,
У дактары і ў кандыдаты
Папёр вучоны серадняк.

З усіх навук, якія вызнаў,
Адну засвоіў ён найлепш:
Як сёрбаць лыжкаю вялізнай
З катла грамадскага кулеш.

Ён зразумеў, што можна лёгка,
Зусім на пуп не беручы,
Перарабіць камы з пахлёбкай
На адмысловыя харчы.

Што ў нашай сферы над другімі
Ёсць перавага з пераваг:
Да скону можа хлус-алхімік
Сядзець на пышных пірагах!

Дыпламаваны хутаранін,
Ён у душы смяецца дзесь,
Як мы настойліва таранім
Сцяну прыватніцтва штодзень.

Камуністычная свядомасць —
Для нас няпісаны закон,
Таму народную маёмасць
Мы не трымаем пад замком.

«Сумленне — суд наш найвышэйшы!» —
Крычыць аратар у гурму.
А ён сядзіць, сапе і шэпча:
«Сваё — вазьму! Сваё — вазьму!..»

Ён у навуцы нуль, банкруцька,
Тыповы рытар-вадалей,
Ды хтосьці лічыць, што Шалудзька
Пасунуў штось крыху далей.

I вось — слыве вучоным Несцер
I памагае з усіх сіл
Сваім падлізнікам залезці
На навуковы небасхіл.

Для іх, няздар, ён вараціла
Аўтарытэтна-прабіўны,
I на пальто яго з раціна
Набожна хукаюць яны.

Пылінкі-нітачкі здымаюць —
З сабачай вернасцю ў вачах.
Студэнты ж хэнці штось не маюць
Яго брашуркі вывучаць.

Таму ён любіць звыш білета
Задаць пытанне «на зарэз»:
«А дзе, калі і што пра гэта
Пісаў прафесар Чымергэс?»

I тым пускае пыл у вочы —
Маўляў, дасведчаны які!
Між іншым, так на пол жаночы
Глядзіць — аж трэскаюць «бялкі»!

Казаў ягоны аднакурснік,
Што гэты самы хват-дзялок
Ужо ў студэнцтве быў распуснік
I вечна цёрся ля дзявок.

Да навуковых прац нятленных
Не меў цікавасці, аднак
Трактат аб зонах эрагенных
Чытаў шчырэй, чым дыямат.

— Відаць, нішто сабе з выставы?
Калі ў навуцы не дабраў,
Дык хоць на выгляд, гад, цікавы? —
Тамаш з ухмылкаю спытаў.

—  Ён жаба рыжая — на выгляд!
I ростам — жабы не вышэй,
I вочы жабіны — навыкат,
I рот, бы ў жабы,— да вушэй.

Без шыі, чэраўца ды лапкі,
Сядзіць і зекрыць на карчы —
Пардон, на кафедры...
—  А браткі!
Аж страшна чуць наўпроць начы!

Яшчэ прысніцца ў сне, пачвара! —
I Антуніна к Тамашу
Знарок плячом на міг прыпала:
Маўляў — не жабай даражу.

Браты затрэсліся ад смеху.
—  Ну, ты мастак! Бадай ты скіс!
—  Партрэт — на  зайздрасць  і  на  ўцеху!
—  Які партрэт? Адно — эскіз!..

I тут заўважылі, што маці
Глядзіць без смеху з-пад павек.
—  Не трэба, Анцік, так смяяцца:
Усё ж ён з імем чалавек.

—  З фальшывым, мамачка, з фальшывым!
Ён у навуцы — шкодны клешч:
Сядзіць, упіўшыся, на шыі,
Пакуль не лопне ў рэшце рэшт.

А што ён лопне неўзабаве —
Дык гэта ясна мне як дзень:
Не без канца ж цярпець дзяржаве,
Як клеіць дурня ліхадзей!..

—   Ідзіце, дзеці, спаць — не рана:
Ужо за поўнач, ноч — на спад.
А што ж ты, Сцёпа, нечакана
Наважыў заўтрага назад?

Здаецца ж, ты маніўся болей
Пагасцяваць...
Пабыць даўжэй.
А то й ці ўбачымся з табою:
Я з кожным летам — не дужэй...

— Ты што, матулька? Ты павінна
Жыць доўга-доўга. Без цябе
Нам гэта хата не ўявіма,
Як храм без бога на сцяне.

А ехаць трэба мне... Так выйшла,
Што мушу ехаць... Выбачай!..
Сцяпан у пуні лёг, на вышках,
На сене — пахкім, нібы чай.

Яно ўціскалася, шамцела,
Шаптала штосьці: шу-шу-шу...—
Бы замаўляла стому цела,
Сон напускала на душу.

Ды сон зусім не браў Вячорку.
Праз дзірку-шчыліну ў шчыце
Ён бачыў неба пас і зорку,
Што ярка ззяла ў цемнаце.

Нібы ў вар'яцкай крутаверці,
Мільгалі думкі ўразнабой,
I незнаёма востра ў сэрцы
Упершыню азваўся боль.

«А можа, ўсё-такі застацца?
Хоць дзень ці два яшчэ пабыць?
I што?.. Пабачыцца? Спаткацца?
Душа ў душу — пагаварыць?

Не атрымалася ж размовы!
I зноў — бязвінны вінават...
Дзе судзіць лёс — што значаць словы
Той май быў столькі год назад!..

Хоць дзіўна ўсё ж: і мне і Алі
З другімі сонца не ўзышло...
Ах, Аля, Аля!.. Пакаралі
Сябе мы самі нізашто!..

А ўсё магло ж бы быць іначай —
Як у шчасліўшых між людзей,
Калі б на сцежцы на юначай
Не вырыў яму ліхадзей.

Пераступіць бы тую плётку,
Разумна разам абмінуць...
Ах, Аля, Аля! Як жа лёгка
Далі сябе мы абмануць!..

Пайду прайдуся... Усё роўна,
Відаць, не будзе сёння сну.
Паклон адвешу школе роднай,
На зоры мар маіх зірну...»

Каменны Лог маўчаў — бы вымер.
Вячорка чуў свой кожны крок.
Вачамі вокан нежывымі
Глядзелі хаты ў ноч, у змрок.

Сон, сон кругом! Спяць людзі звыкла,
Спіць белы бусел на гняздзе,
Ані лісцінка, ні травінка
Не зварухнецца анідзе!

Сцяпан раз-пораз прыпыняўся —
Стаяў і слухаў цішыню,
Глядзеў на круглы месяц ясны,
На зор міглівых гушчыню.

Вось ён — бясконцы і бязмежны
Непадуладны нам сусвет!
Вялікі чымсьці, нечым смешны,
Хто ў ім ты — грэшны чалавек?

I што твой клопат чалавечы,
Твой бунт штодзённы, твой дакор —
Вось перад гэтым векавечным
Свячэннем месяца і зор?

Чаму ж так мала даражыш ты
Загадкі гэтай хараством:
«На залатым густым іржышчы
Пасецца ўночы лысы вол»?..

Ля школьных веснічак знаёмых
Сцяпан умлеў: не можа быць!
Наўзбоч, як прывід, нерухома —
Альжбета Францаўна стаіць!

Уміг здавіла грудзі хваля —
Што ўзняў з прадоння ураган.
Нарэшце вырвалася: — Аля?!
Пачуў — глухое: — Я, Сцяпан...

Што вельмі ўразіла перш-наперш —
Твар — незвычайнай белатой
I дзве рукі — ля сэрца накрыж,—
Як на іконе ў прасвятой.

—  У гэткі час не спіш ты? Аля!
—  Так, як і ты... Не сплю, Сцяпан.
—   I ты даўно стаіш тут?.. Аля!
—  Яшчэ ад той вясны, Сцяпан.

—  Чакай, ты... што? Ты — плачаш? Аля!
—  Ты ж бачыш... Плачу я, Сцяпан.
—  Чаго? Па чым ты плачаш, Аля?
—  Па ўсім жыцці сваім, Сцяпан...

Вячорка ўбачыў побач камень,—
Валун, што тут ляжаў здавён,—
Прысеў, падпёр чало рукамі.
Як быць далей — не ведаў ён.

Альжбета Францаўна стаяла —
I з месца нават не сышла.
Маўчала ноч. Зямля маўчала.
Адкуль жа музыка плыла?

Ну, так, ён чуў зусім выяўна:
Як шум спакойнага дажджу,
Што ўсё бліжэй,— напеўна, плаўна
Плыла мелодыя ў душу.

Гучала мякка, задуменна
I ўся — праменіла святло.
Ад калыханкі нешта мела,
I штось ад гімна ў ёй было.

Такой яму яшчэ ніколі
Не надаралася ўлавіць —
Ні тут, у родным наваколлі,
Ні ў іншых далях палявых.

Знаць — бласлаўлёна падарожжа
Да гэтых хат, садоў, сядзіб...
—  Сцяпан, валун халодны, можа,—
Прастуду схопіш, не сядзі...

Вячорка ўстаў, у светлай цемры,
На добры крок ступіў бліжэй.
—   Паслухай, Аля... я хацеў бы
Наведаць заўтра ваш музей.

—   А ты... хіба не едзеш заўтра?
—  Вячэрнім... Тым, што ля васьмі...
—   Прыходзь... Такога экскурсанта
Паводзіць сам Ілля Кузьміч.

—  А ты?..  Не зможаш?.. Ці не хочаш?
—  Змагу... Адно... там шмат заган...
—  Тады... спакойнай, Аля, ночы!..
—   Спакойнай раніцы, Сцяпан!..

*  *  *

I зноў на вышкі ўзлез Вячорка,
I зноў праз шчыліну ў шчыце
Убачыў неба,— толькі зорка
Ужо не ззяла ў цемнаце.

«Глядзі... Глядзі... Цяпер не скора
Ты будзеш тут... Не скора, брат!
Раз ёсць начное неба ў зорах —
То, значыць, ёсць і зарапад...»

 

ДАПЕЎКА

Усё, чытач. Я стаўлю кропку.
Ах, не завершаны сюжэт?
Ну, што ж рабіць! Далей — ні кроку.
Далей — табу і запавет.

Мне і самому знаць цікава
Ці развязаў вузлы герой.
Але гадаць — не маю права,
I клопат гэта ўжо не мой.

Апроч таго, мой дружа шчыры,
Я знаю кошт тваіх гадзін —
I я не стану іх транжырыць:
Паэтаў — шмат, а ты — адзін.

Ты й так парой як непрытомны:
Няма жыцця — хоць апупей! —
Ад мнагатомных, мнагатонных
I манатонных эпапей!

Я не спаборнічаць сабраўся,
Тым больш — у тонах і тамах,
Калі ад зборнічкаў падаўся
На стаўбавы эпічны шлях.

Адну надзею ў сэрцы маю,
Што ў нейкі з дальніх вечароў,
З нагоды нейкай, аб'яднаю
Сваіх няведамых сяброў,

I ў некім знойдзецца адвага,
I нехта скажа без граха:
«Тут лёс, браткі, ляжыць на вагах,
А з ім — і слова, і страфа!..»

1972—1984

Каментарыi:

Comments  

 
#1 LAN 2010-05-10 20:50 Гэты твор - гiмн маёй Радзiме,якую я вельмi люблю.Нiзкi Вам паклон! Quote
 

Add comment

Security code
Refresh

Rating All.BY Каталог TUT.BY